ГУБЕ́РНСКАЕ ПРАЎЛЕ́ННЕ,
калегіяльны орган кіравання агульнай кампетэнцыі ў губерні. Фактычна было дарадчым органам пры губернатару, які ўзначальваў губернскае праўленне. Уведзена ў ходзе губернскай рэформы 1775. На Беларусі губернскія праўленні ўтвораны: Магілёўскае і Полацкае ў 1778, Беларускае (у выніку аб’яднання Магілёўскай і Полацкай губ.) і Мінскае ў 1796, Гродзенскае, Віцебскае і Магілёўскае (адноўлена) у 1802. Займалася адм., паліцэйскімі, гасп., фінансавымі пытаннямі, урачэбным наглядам і інш. Фарміравалася шляхам прызначэння. Напачатку падпарадкоўвалася Сенату, потым Мін-ву ўнутр. спраў. Складалася з агульнай дзярж. установы (рашаючы орган) і канцылярыі. Пры губернскім праўленні знаходзіліся друкарня, архіў, рэгістратура, экзекутарская і гасп.-распарадчая часткі, урачэбная ўправа і інш. Скасавана пасля Лют. Рэв. 1917.
А.М.Марыскін.
т. 5, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)